31/10/2012

Сцежкі для босых ног

Малюся каб яго не абвясцілі святым
не малявалі
не тыкалі пальцам
не засмечвалі біяграфіяй абавязковай і непатрэбнай

без фатаграфіі настолькі дакладнай што ажно несапраўднай
без рэкламы смерці
без веры адпаліраванага шкельца
каб быў сцежкаю непрыкметнай як жыццё
нахіленаю як калоссе
па якой прабег Езус
нясмелы і босы

Ян Твардоўскі "Сцежка"

Каб дзіцяці прабегчы па сцежцы, яна павінна быць бяспечнай, надзейнай, і не толькі з выгляду, але насамрэч. Спраставанай, не тое, што брукаваныя шляхі, на якіх можна не толькі да крыві збіць босыя ногі, але й змарнаваць час, бо шырокія дарогі часта даюць кругаля замест таго, каб прывесці чалавека ў патрэбнае месца, як мага зручней.

Сцежкі заўсёды ціхія, прыхаваныя ад людзкіх натоўпаў. Не абяцаюць камфорнага праезду на аўтамабілі, але дапамогуць убачыць нязведанныя мясціны. Не губляюцца ў гушчары, але выводзяць з яго. Не знікаюць з зямлі, нават тады, калі робяцца нябачнымі.

Мне давялося сустракаць такіх людзей у дзяцінстве, і зараз таксама. Іх жыццё падобна на такія сцежкі. Вострыя свае камяні яны пакаяннем і малітвай рассыпалі ў мяккі пыл. Яны ўмелі дзень за днём рабіць вялізарную працу, адкрываць вочы на важныя рэчы, быць незаменнымі і заставацца непрыкметнымі. Прамытыя дажджом (салёным такім, ведаеце, яго яшчэ называюць слязьмі), прагрэтыя сонцам любові, адкрытыя нясмеламу і босаму Богу.

Езус ідзе басанож, а мы? Так і пхнёмся ў ботах.

29. I босыя ногі Хрыста пакідалі на цёплым, мяккім пылу дарогі сляды...
радок з "Апокрыфа" Максіма Багдановіча

Колькі іх, невядомых простых сцяжынак?
Усе святыя Божыя, маліцеся за нас...

No comments:

Post a Comment